ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.​Бахрах, В.​Няволін, рэж. А.​Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус. тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.

Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Горкі лёс» А.​Пісемскага, «Павел I» Дз.​Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Рэвізор» і «Жанідьба» М.​Гогаля, «На дне» М.​Горкага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана, «Атэла» У.​Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.​Быхоўскі, М.​Дняпроў, К.​Замешына, В.​Зярноў, К.​Кулакоў, Няволін, У.​Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)